Што замінае бізнесу выкарыстоўваць беларускую мову?

02.02.2015

Круглы стол на тэму "Як выкарыстанне беларускай мовы можа дапамагчы ў бізнесе" правяла Асацыяцыя Еўрапейскага Бізнесу 15 студзеня 2015 года. На ім прадстаўнікі бізнесу і адмыслоўцы з розных галін абмеркавалі пытанні выкарыстання беларускай мовы ў прадпрымальніцкай дзейнасці, пагаварылі пра справаводства і рэкламу па-беларуску.

Праблемы ўнармаванасці

Пра ўнармаванне бізнес-тэрміналогіі, а таксама пра стварэнне адпаведных даведнікаў і слоўнікаў удзельнікам круглага стала расказаў Ігар Капылоў, вучоны сакратар Інстытута мовы і літаратуры імя Янкі Купалы і Якуба Коласа НАН. Па яго словах, у інстытуце ведаюць пра праблему ўнармаванасці, але з-за недахопу людскіх рэсурсаў працэс стварэння нарматыўных тэрміналагічных даведнікаў ідзе не так хутка, як хацелася б.

- Праца працягваецца, але можаце ўявіць, што могуць зрабіць адзін ці два чалавекі. Да прыкладку, за апошні час у нас падрыхтаваныя тэрміналагічны слоўнік па парашковай металургіі і па метралогіі. Што тычыцца  падрыхтоўкі даведнікаў бізнес-тэрміналогіі, то гэта адносна новая галіна, неўнармаваная. Хаця, з іншага боку, бізнес-тэрміналогія - гэта ўсё-такі комплексная тэрміналогія. А ў нас ужо падрыхтаваны чарнавы варыянт слоўніка эканамічнай тэрміналогіі, ёсць значныя напрацоўкі па слоўніку юрыдычнай тэрміналогіі, ёсць дысертацыйныя даследаванні па рэкламнай лексіцы. То бок пэўная тэарэтычная і практычная база ёсць, але нам не хапае сіл, каб працаваць поўнамаштабна.

У той жа час Ігар Капылоў дадаў, што паколькі весці бізнес па-беларуску сёння з’яўляецца добрым тонам, то ў рамках фарміравання новай праграмы на 2016 год можна запланаваць падрыхтоўку нарматыўнага даведніка па бізнес-тэрміналогіі.

Віталь Станішэўскі, кіраўнік кампаніі LINGVA-BY, як раз-такі звярнуў увагу на тое, што адсутнасць унармаванасці замінае працаваць. І прывёў прыклад з тэрмінамі "дагавор” і “дамова”:

- “Дамова” - слова зразумелае, перадае сэнс, але, магчыма, не мае статусу афіцыйнага тэрміну, які адлюстраваны ў спецыяльных слоўніках. У сувязі з гэтым у мяне ўзнікла пытанне: што ў нас рэгламентуе гэтую сферу, якое слова з’яўляецца афіцыйным тэрмінам і якія наступствы могуць быць за выкарыстанне іншых тэрмінаў?

Аляксей Нарэйка, дырэктар кампаніі “Праўны пераклад”, перакананы, што можна ўжываць любыя тэрміны, а ўжо час пакажа, якія з іх прыжывуцца:

- Беларускай мове ўласцівыя блізкасць да вусных гаворак і ўжыванне слоў, якія добра ўжываюцца і ў афіцыйным, і ў гутарковым стылях. Дамова – ад слова “дамаўляцца”. І мы сёння мусім прызнаць, што час “або/або” мінуў, сёння надышоў час “і/і”. Задача навукоўцаў і адмыслоўцаў -  прапаноўваць варыянты, а людзі самі выбяруць, што ім больш падабаецца.

Як патлумачыла старшы юрыст ТАА "Сцепаноўскі, Папакуль энд партнэрс" Дар’я Каткоўская, з юрыдычнага пункту гледжання няма праблем для ўжывання таго ці іншага тэрміну:

- У галіне цывільнага права бакі дзейнічаюць роўна і па згодзе. І калі бакі складаюць дамову, то да таго часу, пакуль адзін з бакоў яе не парушае, дзяржава або нехта трэці не ўмешваецца ў выкананне гэтай дамовы. Таму называць гэта дамовай, угодай, здзелкай ці кантрактам – гэта воля бакоў. Калі адзін з бакоў парушыць гэтую ўгоду, то ўжо суд будзе высвятляць, што бакі мелі на ўвазе і які сэнс укладалі ў гэты тэрмін.

Беларуская тэрміналогія знаходзіцца на этапе станаўлення, дадала Марына Антанюк, дацэнт кафедры дзяржаўнага кіравання сацыяльнай сферай і беларусазнаўства, кандыдат філалагічных навук, магістр паліталогіі:

- Так склалася, што “дамовай” звычайна называюць вусную дамоўленасць, а "дагавор" - гэта ўжо юрыдычны дакумент. Але гэта нідзе афіцыйна не прапісана і не зафіксавана, - сказала яна, але пры гэтым дадала, што словы накшталт “дамова” таксама нельга адкідаць.

Зацікавіць бізнес мовай

Некаторыя кампаніі самі прыходзяць да таго, што ў бізнесе трэба выкарыстоўваць беларускую мову. Але як зрабіць, каб гэта набыло большы размах? Сваімі думкамі пра заахвочанне бізнеса выкарыстоўваць беларускую мову падзялілася Алена Анісім, першы намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы.

- Я лічу, што неабходна спалучэнне некалькіх фактараў. Перш за ўсё, беларуская мова павінна стаць абавязковай згодна са сваім статусам дзяржаўнай мовы. У галіне бізнесу штуршком для ўжывання можа стаць патрабаванне інфармацыі на упакоўцы тавараў на беларускай мове. Бо сёння мы ўжо сутыкнуліся з сітуацыяй функцыянавання ў зоне Еўразійскага эканамічнага саюза, дзе беларуская мова адсутнічае з прычыны яе неабавязковасці ў нацыянальным заканадаўстве. Па-другое, каб карыстацца ў пісьмовай практыцы і справаводстве беларускай мовай, неабходна мець увесь набор адпаведных сродкаў – у прыватнасці, распрацаваныя ўзоры дакументаў. Да сёння падрыхтоўкай такіх дакументаў займаюцца ў асобных установах выключна пад ціскам грамадскасці. І, па-трэцяе, добрым стымулам магла б стаць папулярызацыя беларускай мовы падчас разнастайных конкурсаў - “Народная марка”, “Брэнд года”, “Прадукт года”, дзе прысутнасць беларускай мовы на ўпакоўцы магла б даваць дадатковы бал.

Да таго ж Алена Анісім прапанавала падрыхтаваць комплексны даведнік, у якім бы змяшчаліся ўзоры дамоў, актаў, рахункаў і іншых дакументаў, а таксама лексічны мінімум па юрыдычнай, фінансавай, эканамічнай тэрміналогіі.

Цікавую прапанову выказаў Мікалай Любін, дырэктар кампаніі “Лідэр-Інвест”: выкарыстоўваць нейкі спецыяльны сімвал на ўваходзе ў кампаніі, дзе могуць абслужыць кліентаў на беларускай мове.

- Многія прыходзяць ва ўстановы і пачынаюць адразу размаўляць па-руску, нават не патрабуючы абслугоўвання на беларускай мове. Але калі б чалавек убачыў нейкі знак, што тут можна атрымаць абслугоўванне па-беларуску, ён пачаў бы гэтую мову выкарыстоўваць.

У якасці варыянту для рэалізацыі ён прапанаваў стварыць сістэму добраахвотнай сертыфікацыі бізнеса і ўстаноў, якія гатовыя абслугоўваць па-беларуску. І пры ўваходзе ва ўстанову размяшчаць налепку, што гэта ўдзельнік праграмы “Беларускамоўны бізнес”.

З іншага боку Мікалай Любін разважае, а ці могуць сёння кампаніі цалкам перайсці на выкарыстанне беларускай мовы?

- Я задумаўся: ці можа мая фірма аказваць паслугі па-беларуску? І зразумеў, што зараз я не гатовы атрымаць падобную налепку. Па-першае, мая кампанія не мае ўсіх дакументаў па-беларуску, па-другое, я не ўпэўнены ў тым, што ўсе супрацоўнікі могуць адказваць па-беларуску на належным узроўні. І, нарэшце, ёсць нарматыўныя дакументы, якіх наогул не існуе на беларускай мове…

Развіваючы тэму нейкіх “маркераў” беларускасці Аляксей Нарэйка прапанаваў вельмі просты і танны спосаб, як паказаць наведвальнікам, што ў гэтай кампаніі можна атрымаць абслугоўванне па-беларуску: супрацоўнікі проста павінны вітацца на беларускай мове, а далей ўжо камунікацыя можа адбывацца на той мове, якую абярэ кліент.

Павел Ганчар, начальнік аддзела па развіццю фіксаванай сувязі кампаніі velcom, адзначыў, што (калі не ўлічваць адміністратыўны шлях па прымушэнні) у бізнеса ёсць два шляхі, як пачаць выкарыстоўваць беларускую мову - або праз павелічэнне даходу, а праз змяншэнне выдаткаў.

- Відавочна, што памяншэнне выдаткаў - не наш шлях, бо так ці інакш перабудова дзейнасці пацягне за сабой пэўныя выдаткі. Таму мы маем патрэбу ў нейкіх гісторыях поспеху. Напрыклад, калі зараз у сетцы заправак “А-100”, якая аб’явіла аб пераходзе на беларускую мову, атрымаецца павысіць свае продажы і даходы, то гэта будзе самым лепшым прыкладам, які зможа прасунуць беларускую мову ў бізнесе.

Камерцыйны плюсы беларускай мовы

Тэма выступлення Аляксея Нарэйкі на круглым стале была заяўлена як “Плюсы і мінусы выкарыстання беларускай мовы для бізнесу”, але ён адразу заявіў, што ніякіх мінусаў не бачыць – беларуская мова дае выключна адны плюсы і перавагі.

- Плюсы – гэта давер і вылучэнне. Давер выражаецца ў стасунках з чыноўнікамі, з пакупнікамі, з працаўнікамі. Людзі чуюць мову – і падаткавікі не падазраюць нас у злачынствах, чыноўнікі просяць выбачэння, што яны самі не гавораць на беларускай мове і г.д.

Аляксей Нарэйка расказаў, што выкарыстанне беларускай мовы дае кампаніям канкурэнтную перавагу: сёння беларускамоўны бізнес выдзяляецца сярод іншых і яго добра запамінаюць кліенты.

Таксама ніякіх мінусаў і перашкод у вядзенні бізнесу па-беларуску не бачыць і Сяргей Семянюк, дырэктар кампаніі “Каралі”:

- Я не бачу праблем у выкарыстанні беларускай мовы ў бізнесе. Ні ў каго з нашых партнёраў ніколі не ўзнікала пытанняў, чаму мы гэта робім па-беларуску, а не па-руску. Больш за тое, мы пачалі пастаўляць нашу прадукцыю ў Расію - і нават там не патрабуюць перакладаць упакоўку на рускую мову, бо гэта падкрэслівае паходжанне прадукту з Беларусі, - сказаў ён, але ўсё-такі адзначыў, што шмат часу губляецца на пераклад дакументаў, якія патрэбны для дзейнасці кампаніі.

Але, бадай, самая сур’ёзная праблема – гэта адсутнасць заканадаўства на беларускай мове. Пра гэта гаварыла Дар’я Каткоўская:

- Мы ніколі не працуем са стандартызаванымі дакументамі, яны ўсе ствараюцца пад патрэбу кліента, таму для нас адсутнасць даведнікаў не з’яўляецца праблемай. Для мяне праблема – гэта заканадаўства, якога не існуе на беларускай мове. Бо я не маю права перакладаць нормы заканадаўства. І я не бачу простага вырашэння гэтай праблемы, бо толькі заканатворца можа гэта зрабіць.

Як расказала Кацярына Сыраежкіна, кіраўнік напрамку па міжнародным супрацоўніцтве і КСА Асацыяцыі Еўрапейскага Бізнесу, перад круглым сталом Асацыяцыя накіравала запыт у Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь аб падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў на беларускай мове:

- Нам патлумачылі, што рашэнне аб падрыхтоўцы праекта нарматыўнага прававога акта на той і (або) іншай дзяржаўнай мове прымаецца суб’ектам права заканадаўчай ініцыіятывы, нарматворчым органам. І традыцыйна шэраг актаў выдаецца на беларускай мове - у сферы культуры, міжнародных зносін, аб узнагароджанні дзяржаўнымі узнагародамі і ганаровымі граматамі, па кадравых пытаннях і інш. Рашэнне аб перакладзе праекта акта на іншую дзяржаўнаю мову можа быць прынята суб’ектам права заканадаўчай ініцыіятывы, нарматворчым органам, які ажыццяўляе распрацоўку гэтага праекта. Таксама нам паведамілі, што ў 2014 годзе ў Беларусі было прынята 69 заканадаўчых актаў на беларускай мове…

Рэклама па-беларуску

Пра перавагі выкарыстання беларускай мовы ў рэкламе расказала Юлія Ляшкевіч, незалежны кансультант у сферы рэкламы.

- Беларуская мова ў рэкламе праходзіла цікавае станаўленне: спачатку выкарыстоўвалася для таго, каб падкрэсліць пэўную народнасць (скажам, калі трэба было прарэкламаваць квас ці малачко з вёскі), а паступова стала выходзіць на больш высокі ўзровень. Хачу падзякаваць кампаніі velcom, якая запусціла шыкоўны навагодні ролік і паказала, як можа глядзецца беларуская мова. І сёння ўжо можна ўсё што заўгодна рэкламаваць па-беларуску - гэта будзе выглядаць натуральна і добра ўспрымацца.

Юлія Ляшкевіч адзначыла, што зараз той унікальны момант, калі беларуская мова прыцягвае ўвагу і можа выкарыстоўвацца як дадатковы плюс у рэкламным інструменце. Бо лаяльнасць да рэкламы на беларускай мове сёння вельмі высокая і ніякага непрыняцця мова даўно не выклікае. Юлія спадзяецца, што гадоў пра дзесяць гэтай перавагі ўжо не будзе.

На круглым прысутнічаў кіраўнік аддзела брэнд-менеджменту ўпраўлення маркетынгу кампаніі velcom Зміцер Курловіч, які расказаў, што velcom па-беларуску робіць іміджавыя рэкламныя кампаніі, дзе мова дадае пазітыў і культурны акцэнт.

- Таксама ёсць вельмі важны бізнесовы вынік рэкламы па-беларуску – мы атрымліваем шмат бясплатных медыя, бо ролікі з’яўляюцца на розных сайтах, ідуць ў людзі, расшарваюцца ў сацыяльных сетках - і нам нічога для гэтага не трэба рабіць.