Алесь Мазанік: “Двухмоўя ў нас на практыцы абсалютна няма, толькі на паперы”

20.01.2015

На адзін з заняткаў курсаў па вывучэнні дзелавой беларускай мовы, якія праводзіла Асацыяцыя Еўрапейскага Бізнесу на працягу верасня-студзеня 2014 года, завітаў Алесь МАЗАНІК, індывідуальны прадпрымальнік і ўладальнік інтэрнэт-крамы Imbryk.by. Ён падзяліўся са слухачамі курсаў сваім досведам па рэкламе, прасоўваньні ды рэалізацыі беларускай літаратуры, музычных кружэлак, DVD, настольных гульняў, разнастайных сувеніраў, а таксама расказаў пра цяжкасці выкарыстання беларускай мовы ў бізнесе.

Пра вядзенне бізнесу па-беларуску

- Калі рабіць бізнес па-беларуску, то адназначна будуць складанасці. Ігэта не толькі вядзенне бухгалтэрыі і справаводства – нават на пошце, калі я рассылаю замовы, у мяне кожны раз пытаюцца што такое “паштовая скрыня”. Хаця, здавалася, усе ў школе вучыліся... Калі я рабіў пячатку, то ў мяне спачатку тры разы спыталі, навошта пячатка па-беларуску, а потым два разы рабілі яе з памылкамі: у першы раз напісалі “Республіка”, у другі  - “Александр”.

І такія моманты могуць адразу адштурхнуць ад беларускай мовы таго чалавека, які не да канца ўсведамляе, навошта яму бізнес па-беларуску. Бо ў нас на практыцы абсалютна няма двухмоўя - толькі на паперы.

Там не менш, я ведаю людзей, якія выкарыстоўваюць беларускую мову ў бізнесе. І так трэба рабіць, калі вы хочаце, каб ваша кампанія асацыявалася з Беларуссю і выгадна адрознівалася ад канкурэнтаў.

Пра мову супрацоўнікаў

- Галоўная якасць – гэта ўсё-такі прафесіяналізм чалавека. Але пры гэтым я заахвочваю супрацоўнікаў, каб яны вучылі беларускую мову і размаўлялі на ёй. Бо калі са мной яны могуць размаўляць як заўгодна, то са спажыўцамі трэба размаўляць так, каб яны заставаліся задаволенымі. Таму прашу ў прадаўцоў, каб яны маглі сказаць хаця б “прывітанне”, “што вам падказаць?” і “дзякуй за пакупку”.

А наогул, беларускамоўныя спецыялісты ёсць у кожнай прафесіі – і бухгалтары, і інжынеры, і юрысты, і дызайнеры. Знайсці іх не проста, але магчыма.

Пра кола спажыўцоў

- З кожным годам я бачу ад 30% да 50% новых пакупнікоў, якія захацелі набыць нешта з нацыянальнаарыентаваным каларытам. Да прыкладу, пасля выхаду беларускай настольнай гульні “Разам!” я пабачыў дзясяткі людзей, якія да гэтага ніколі нічога беларускага не набывалі, а вось тут ім стала цікава і яны прыйшлі па гульню. Ці вось яшчэ прыклад: калі выйшла непадцэнзурнае выданне твораў Васіля Быкава, то за два дні было прададзена больш за тысячу кніг – я лічу, што гэта сапраўдны фурор для сучаснага айчыннага кніжнага рынку.

Самае галоўнае тут – гэта граматныя рэклама і прасоўванне, здольнасць людзей зацікавіць і паказаць, што пэўны беларускі прадукт існуе. На сёння, на жаль, у нас пакуль недастаткова беларускіх гульняў, фільмаў, музыкі, паштовак, сувеніраў і г.д.

---

АЕБ праводзіць другі набор на курс па вывучэнні дзелавой беларускай мовы. Прадстаўнікі камерцыйных кампаній атрымаюць магчымасць развіць навыкі вуснай і пісьмовай бiзнес-камунiкацыi на беларускай мове для правядзення дзелавых перамоваў, нарад, прэзентацый, сумоўяў і г.д. Набор на курсы ажыццяўляецца да 26 студзеня 2015 года.