Андрэй Паддубскі: “Я хачу бачыць падтрымку беларускай справы не як спонсарства, а як супрацу”

15.01.2015

На працягу верасня-студзеня 2014 года Асацыяцыя Еўрапейскага Бізнесу праводзіла для сваіх членаў і іншых беларускіх і замежных кампаній курсы па вывучэнні дзелавой беларускай мовы. На заняткі ў якасці запрошанага госця завітаў і Андрэй ПАДДУБСКІ, кіраўнік міжнароднай групы лагістычных кампаній “Фабеас”, які падзяліўся са слухачамі сваім досведам выкарыстання беларускай мовы ў бізнесе і падтрымкі беларускіх грамадскіх ініцыятыў.

Пра шлях да беларушчыны

З дзяцінства я быў рускамоўны: як і ўсе вучыўся ў рускамоўных школе і ВНУ. Але з маленства цікавіўся гісторыяй - спачатку расейскай, а потым і беларускай. Стала на беларускі шлях я стаў недзе 4-5 год таму. Усё пачалося выпадкова: замаўляў беларускія кнігі ў інтэрнэт-краме “Прастора.бай”, і да мяне як кур’ер прыехаў яе кіраўнік Алесь Квіткевіч. Пачалі размаўляць – і размова расцягнуліся на дзве з паловай гадзіны. Пасля гэтага пайшла супраца: кампанія “Фабеас” пачала дапамогу “Прасторы.бай” - мы ладзілі сумесныя праекты па выданні беларускіх кніг і аўдыёкніг, перакладу фільмаў і г.д.

Пра беларускую мову ў бізнесе

Для тых, хто вядзе з нашай кампаніяй справаводства па-беларуску, мы даем зніжку. Дамовы з кліентамі ў нас заключаныя і на рускай, і на беларускай мовах, але скажу шчыра, што 98% абіраюць рускую мову. Кажуць, што не патрэба зніжка ў 5%, бо не зразумелы тэкст дакумента…

Што тычыцца супрацоўнікаў, то беларускамоўнасць – гэта не той крытэрый, па якім мы абіраем спецыялістаў. Усё ж такі яны выбіраюцца па працаздольнасці і эфектыўнасці. Але калі яшчэ дадаецца і беларускамоўнасць, то гэта добра.

Пра “сакрэтную зброю” на перамовах

Пачалося ўсё на дзелавых перамовах з летувісамі: яны добра ведаюць рускую мову, размаўляюць з намі па-руску, але паміж самой – па-летувіску. І што яны там кажуць – незразумела. Адчуванне непрыемнае, таму мы вырашылі “адпомсціць”: пачалі падчас перамоваў паміж сабой размаўляць па-беларуску. Спачатку гэта было як жарт, а потым выявілася, што яны сапраўды не разумеюць ніводнага слова!

Я потым пытаўся ў сваіх сяброў з Летувы: вы і праўда не разумееце беларускую мову? Аказваецца, што для іх руская – замежная, таму слова “что” ніяк не суадносіцца з нашым “што”, “побежал” і “пабег” – гэта абсалютна розныя ў іх разуменні словы.

Пра мову ў сям’і

Дома я размаўляю па-руску. З сынамі спрабаваў рабіць дні беларускай мовы, але прытрымліваюся меркавання, што нельга прымушаць – яны самі павінны да гэтага прыйсці. Напрыклад, з малым сынам мы гулялі ў шпіёнаў і размаўлялі на беларускай мове як на шпіёнскай. Разам глядзім дубліраваныя на беларускую мову кінастужкі і мультфільмы. Толькі прагляд павінен быць абавязкова сумесны: бо калі малы не разумее некаторых словаў, то ён  страчвае сэнс сюжэту і губляе цікавасць да прагляду.

Пра сацыяльныя ініцыятывы

Мы стварылі праект “Неабыякавыя беларусы”, які накіраваны на знаёмства неабыякавых да падтрымкі беларускай мовы і культуры бізнесоўцаў з ініцыятарамі праектаў, якім патрэбна дапамога. У нас ёсць база дадзеных бізнесоўцаў, якім цікава атрымліваць падобныя прапановы, і мы ім рассылаем інфармацыю пра цікавыя ініцыятывы. І калі нехта з бізнесоўцаў адгукаецца, то праводзім двухбаковую сустрэчу паміж тым, хто гэты праект будзе рабіць, і тым, хто хацеў бы ў яго інвеставаць. І калі падпісваецца двухбаковая дамова аб супрацоўніцтве, то мы лічым, што сваю справу суполка “Неабыякавыя беларусы” зрабіла. А да грошай мы не дакранаемся: мы не фонд, наша галоўная мэта – каб людзі сустрэліся.

Яшчэ адзін праект, які я задумаў – гэта “Ветразь мары”. Ён накіраваны на тое, каб нараджаць цікавасць да беларускага ў дзяцей.

Пра самаакупляльнасць ініцыятыў

Я не хачу бачыць падтрымку беларускай справы як спонсарства і выдаткаванне грошай. Грошы проста так можна даваць толькі на лекаванне дзетак ці на адукацыю, а тут усе здаровыя  і здольныя ў сучасных абставінах разабрацца, як звесці баланс.

На жаль, многія прызвычаіліся зарабляць грошы за кошт спонсарства і грантаў. Але нішто не можа доўгатэрмінова існаваць на штучных умовах. А любое фінансаванне – гэта штучныя умовы. Таму патрэбна шукаць супрацу, а не проста пералічваць грошы. Да таго ж пры супрацы ініцыятывы застаюцца незалежнымі ад інвестараў.

Зразумела, што гэта складаны шлях, але па ім трэба ісці. Пакуль жа ментальна не падрыхтаваны мастацкія асобы, якія павінны рабіць прапановы. І непадрыхтаваны бізнесоўцы, якія не бачаць прапаноў, а толькі чуюць “дайце грошай!”. Ва ўсіх ужо алергія на гэта. Трэба пачынаць з сябе і маленькіх крокаў.

---

АЕБ праводзіць другі набор на курс па вывучэнні дзелавой беларускай мовы. Прадстаўнікі камерцыйных кампаній атрымаюць магчымасць развіць навыкі вуснай і пісьмовай бiзнес-камунiкацыi на беларускай мове для правядзення дзелавых перамоваў, нарад, прэзентацый, сумоўяў і г.д. Набор на курсы ажыццяўляецца да 19 студзеня 2015 года.