Асацыяцыя прыняла ўдзел у XVI Асамблеі дзелавых колаў
06.03.2015
Супрацоўнікі Асацыяцыі Еўрапейскага Бізнесу паўдзельнічалі ў працы XVI Асамблеі дзелавых колаў Рэспублікі Беларусь, якая прайшла 4 сакавіка 2015 у Мінску.
На Асамблеі прадстаўнікі дзелавой супольнасці і дзяржорганаў падзяліліся сваім бачаннем ролі і месца бізнесу ў эканоміцы краіны, а таксама быў прадстаўлены і прыняты праект Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі-2015 «Структурная мадэрнізацыя бізнесу і ўлады».
Як адзначыў Яўген Мардасевіч, кіраўнік напрамку па працы з дзяржаўнымі органамі АЕБ, цяпер вельмі важна наладзіць паўнавартасны дыялог паміж бізнесам і ўладай, каб у крызісны час ўсе рашэнні ў эканамічнай сферы прымаліся з улікам інтарэсаў усіх зацікаўленых бакоў:
- Пэўны прагрэс у дыялогу паміж бізнесам і дзяржавай маецца, але, на жаль, ён складваецца хутчэй з-за знешніх абставінаў, чым з жадання дзяржорганаў яго развіваць. На Асамблеі адсутнічалі першыя асобы міністэрстваў, хаця для ўдзелу ў падобным мерапрыемстве з прывітальным словам можна было знайсці 20-30 хвілін працоўнага часу.
Таксама Яўген Мардасевіч адзначыў, што цяпер варта пераходзіць ад фармату «спікер-прэзідыум-трыбуна» да фармату «жывога» дыялогу паміж прадстаўнікамі бізнесу, прадпрымальніцкіх аб'яднанняў і міністэрстваў, калі бакі не проста заяўляюць пра сваі пазіцыі, але і знаходзяць агульныя рашэнні існуючых у эканоміцы праблем.