Бізнес абмеркаваў заканадаўства аб дабрачыннасці

20.03.2015

Абмеркаванне праекта Закона "Аб грамадска карыснай дзейнасці" адбылося 19 сакавіка 2015 года ў офісе Асацыяцыі Еўрапейскага Бізнесу. Прадстаўнікі бізнесу, некамерцыйных арганізацый і СМІ пазнаёміліся з канцэпцыяй развіцця заканадаўства па рэгуляванні пытанняў дабрачыннасці, якую прапануе МАГА "АКТ", і змаглі выказаць сваё бачанне таго, якім мусіць быць заканадаўства ў гэтай сферы.

Валерый Жураковский, член праўлення МАГА "АКТ", адзначыў, што ў дадзены момант у беларускім заканадаўстве абмежаваныя правы карпаратыўных донараў ажыццяўляць дабрачынную дзейнасць вузкім закрытым пералікам мэтаў, патрабуецца абавязковае ўказанне ў спонсарскіх дагаворах пераліку тавараў (работ, паслуг), ананімныя ахвяраванні аднесены да замежнай дапамогі, устаноўлена адміністрацыйная адказнасць за парушэнне дамоўных адносін прадастаўлення і выкарыстання бязвыплатнай дапамогі і адсутнічае сістэмны, комплексны падыход да прадастаўлення льгот і прэферэнцый.

Каб зняць гэтыя праблемы, быў распрацаваны праект Закона "Аб грамадска-карыснай дзейнасці", які ўлічвае інтарэсы ўсіх зацікаўленых бакоў, практыку ўжо існуючага заканадаўства, а таксама які арыентаваны на стварэнне адзінага і цэласнага механізму прававога рэгулявання грамадска карыснай дзейнасці і на гарманізацыю падатковага заканадаўства (з асаблівымі рэжымамі падаткаабкладання і льгатавання).

Прадстаўнікі камерцыйных кампаній, якія прысутнічалі на абмеркаванні, у цэлым ідэю праекта Закона лічаць пазітыўнай. Як патлумачыў Андрэй Рашчупкін, першы намеснік генеральнага дырэктара ўнітарнага прадпрыемства «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусія», прыняцце падобнага закона зрабіла б правілы гульні больш зразумелымі за кошт выразнага вызначэння паняццяў, пашырэння рамак дабрачыннасці і больш структураваных узаемаадносін. Таксама, па яго словах, безумоўна добрай з'яўляецца прапанова стварыць рэестр дабрачынных арганізацый, бо для камерцыйных кампаній выбар партнёра для аказання дапамогі з'яўляецца вельмі адказным крокам.