Аналітычная запіска па выніках круглага стала на тэму "Рэгуляванне абароту безалкагольных танізуючых напояў: запланаваная змена заканадаўства"
29.01.2015

Круглы стол на тэму "Рэгуляванне абароту безалкагольных танізуючых напояў: запланаваная змена заканадаўства" правяла Асацыяцыя Еўрапейскага Бізнесу 23 студзеня 2015 года. У дыскусіі прынялі ўдзел вядучыя айчынныя і міжнародныя вытворцы безалкагольных напояў, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, вучоныя з Расіі і Беларусі.
Грамадскае абмеркаванне праблем рэгулявання абароту безалкагольных танізуючых напояў было ініцыявана вытворцамі-членамі Асацыяцыі, якія заклапочаныя планамі па абмежаванні рознічнага продажу безалкагольных танізуючых напояў, агучанымі на пасяджэнні Міжведамаснага савета па папярэджанні і прафілактыцы п'янства, алкагалізму, наркаманіі і спажывання тытуню (у прыватнасці, на савеце абмяркоўвалася ўвядзенне пэўных абмежаванняў рэкламы, разглядалася магчымасць забароны продажу «энергетычных» напояў асобам, якім менш за 18 гадоў, і забарона продажу ў крамах плошчай менш за 50 квадратных метраў).
Прадстаўнікі бізнесу лічаць, што прапанаваныя абмежавальныя меры залішнія, іх увядзенне супярэчыць існуючай міжнароднай заканадаўчай практыцы, не мае пад сабой навуковага абгрунтавання і негатыўна адаб'ецца на ўстойлівым развіцці безалкагольнай галіны харчовай прамысловасці. Па выніках мерапрыемства Асацыяцыя Еўрапейскага Бізнесу падрыхтавала аналітычную запіску, якая разам з матэрыяламі круглага стала накіравана ў Савет Міністраў і іншыя зацікаўленыя органы дзяржаўнага кіравання.